Официальный веб-сайт учреждения образования
«Cредняя школа № 50» г. Гомеля

г. Гомель, ул. Осипова, 17
тел. 32-05-25

school50@jdroo.by

Поиск информации
Наши достижения

PreviousNext
Ваше мнение
Кто по вашему мнению в большей мере должен заниматься воспитанием ребенка в 6-ой день недели?
семья
школа
другое
Дальнейшее образование

Гомельский государственный университет имени Франциска Скорины

ГОМЕЛЬСКИЙ ОБЛАСТНОЙ ПРОФОРИЕНТАЦИОННЫЙ ПОРТАЛ






Гомельский городской исполнительный комитет








2017 -

ГОД НАУКИ



Президент Беларуси А.Г.Лукашенко 23 декабря 2016 г. подписал указ №481 «Об объявлении 2017 года Годом науки»














"На разных языках из века в век дорогу к знанью ищет человек ..."

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

« Сярэдняя школа № 50 г. Гомеля »










АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

« СІСТЭМА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ ДА ЦЭНТРАЛІЗАВАНАГА ТЭСЦІРАВАННЯ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ »






Максімовіч Алена Іванаўна,

настаўнік беларускай мовы

і літаратуры

8 (029) 6433591;

e-mail: sosh@50 gmail.com







1 Інфармацыйны блок

1.1. Тэма вопыту

Сістэма падрыхтоўкі вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове.

1.2 Актуальнасць вопыту

Тэсціраванне – гэта адзін з відаў кантролю ведаў, які  ў апошні час усё больш уваходзіць у жыццё сучаснай школы. Высокая эфектыўнасць тэставых праграм  абумоўлена тым, што яны ўмацоўваюць адваротную сувязь  паміж настаўнікам і вучнем. Выкананне тэстаў дае магчымасць настаўніку хутка ацаніць вынік работы вучня, дакладна вызначыць тэмы, у якіх ёсць прабелы ў ведах. Выконваючы тэсты па ўсіх тэмах вучэбнага прадмета, навучэнцы ажыццяўляюць  самакантроль, вызначаюць ступень засваення той ці іншай тэмы з тым, каб паўтарыць тэарэтычны матэрыял або атрымаць кансультацыю настаўніка па дадзенай тэме.

Беларуская мова з’яўляецца тым вучэбным прадметам, дзе моцна прасочваецца пераемнасць у навучанні. Заданні цэнтралізаванага тэсціравання складзены ў рамках школьнай праграмы, але яны разлічаны на максімальную актывізацыю мысленння пры іх выкананні.

Практыка паказвае, што рэальна за адведзены час і ў жорсткіх умовах цэнтралізаванага тэсціравання выканаць усе заданні тэста могуць толькі адзінкі выпускнікоў. Адным словам, навучыць школьніка беларускай мове ў межах патрабаванняў, вызначаных адукацыйным стандартам і вучэбнай праграмай, і падрыхтаваць да паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання па мове – гэта дзве  розныя рэчы. Думаю, што да такой высновы прыходзіць кожны школьны настаўнік, які працуе на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі. І тады заканамерна паўстаюць пытанні: “ З чаго пачаць?”, “ Як падрыхтаваць выпускнікоў да паспяховай здачы цэнтралізаванага тэсціравання?”. Для вырашэння гэтых пытанняў неабходна дабівацца ад вучняў не фармальнага засваення праграмнага матэрыялу, а яго глыбокага і асэнсаванага разумення. Неабходна запэўніваць вучняў, што толькі пры наяўнасці актыўнай жыццёвай пазіцыі пры  навучанні мове, пры ўмове набыцця і ўдасканальвання практычных уменняў і навыкаў і іх выкарыстання, можна разлічваць на рэальны поспех на цэнтралізаваным тэсціраванні.

1.3 Мэта вопыту: фарміраванне і развіццё практычных уменняў і навыкаў вучняў, неабходных для здачы цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове.

1.4 Задачы вопыту:

-     абагуліць і сістэматызаваць веды вучняў па ўсіх раздзелах беларускай мовы;

-  навучыць школьнікаў выкарыстоўваць тэарэтычны матэрыял пры выкананні тэставых заданняў;

-     садзейнічаць засваенню вучнямі “тэхнікі выканання тэста”;

- ажыццяўляць псіхалагічую падрыхтоўку школьнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання;

-      павышаць асабістую адказнасць вучняў за вынікі навучання.

1.5 Працягласць працы, этапы.

Праца па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання праводзілася з 2007/2008 навучальнага года  па 2012/2013 навучальны год.

Этапы працы над вопытам:

1 этап ( аналітыка-даследчы, 2007-2008 гг.) – зроблена аналітычнае вывучэнне метадычнай літаратуры, сфармуляваны мэта і задачы даследавання, праведзена ўкараненне сістэмы працы.

2 этап ( параўнальна–даследчы, 2009-2010 г.г.) -  праведзена паўторнае ўкараненне сістэмы працы, дыягностыка і параўнанне вынікаў працы.

3 этап (аналітыка-абагульняльны, 2011 - 2013 г.г.) – праведзены дыягностыка, параўнанне і абагульненне, сітэматызаваны вынікі даследавання.

2 Апісанне тэхналогіі вопыту

Мэта, якая ставіцца падчас працы ў класах, што навучаюцца на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі, - стварэнне ўмоў для паўнавартаснай моўнай адукацыі  школьнікаў.

Для таго, каб атрымаць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове, неабходна дабівацца паспяховага засваення ведаў, якія фарміруюцца ў вучняў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

Так, асноўнымі паказчыкамі набыцця вучнямі базавых моўных кампетэнцый з’яўляюцца:

-         фарміраванне ў вучняў камунікатыўных уменняў на аснове авалодання лексічным і фразеалагічным багаццем беларускай мовы;

-         авалоданне вучнямі фанетычнымі, арфаэпічнымі, акцэнталагічнымі, марфалагічнымі нормамі;

-         фарміраванне  арфаграфічных, сінтаксічных і пунктуацыйных навыкаў.

Вельмі важна вызначыць узровень стартавых пазіцый моўных кампетэнцый вучняў, матывацыйную падрыхтаванасць да дазенага віду дзейнасці.

Што зрабіла я, калі зразумела, што падрыхтаваць вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання за два апошнія гады іх навучання ў школе, - гэта мая задача як настаўніка роднай мовы?

Па-першае, вывучыла матэрыял па дадзенай тэме, змешчаны ў часопісах “Беларуская мова і літаратура” і “Народная асвета”, у “Настаўніцкай газеце”, у інтэрнэце, азнаёмілася з інфармацыйна-аналітычнымі матэрыяламі па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

Па-другое, набыла зборнікі з матэрыяламі цэнтралізаванага тэсціравання і пачала выконваць тэставыя заданні. Шчыра скажу, што пытанняў было шмат, але было і жаданне знайсці на іх адказ. У большасці выпадкаў, гэта ўдавалася. Але скарбонка з заданнямі, якія выклікалі пэўныя цяжкасці, таксама не пуставала. Калі ў чэрвені 2008 года мае вучні ( прычым, з 28 вучняў класа беларускую мову для здачы цэнтралізаванага тэсціравання выбралі 19 вучняў)  атрымалі сярэдні бал 43,1, я зразумела, што правільна пабудавала сістэму заняткаў, што метадычна дакладна ўсё прадумала, цяпер застаецца адаптаваць яе ў працэсе далейшай працы з іншымі класамі.

Па-трэцяе, я ніколі не запалохваю вучняў цэнтралізаваным тэсціраваннем. Наадварот, з першых дзён вучобы  ў дзясятым класе я запэўніваю іх у тым, што калі пастарацца, то можна атрымаць нядрэнны бал. Галоўнае - не страціць час.

Па-чацвёртае, у 11 класе я настойліва рэкамендую вучням запісацца на падрыхтоўчыя курсы пры ВНУ для паўтарэння і сістэматызацыі тэарэтычных ведаў па мове. Тэарэтычнага матэрыялу па беларускай мове вельмі многа, правілы патрэбна не толькі выкарыстоўваць, каб пісьмовае маўленне адпавядала моўным нормам, але і ведаць іх фармуліроўку.

На працягу двух гадоў ( 10 і 11 клас) пры правядзенні ўрокаў беларускай мовы я практыкую пастаяннае выкарыстанне тэматычных тэставых заданняў. Прашу вучняў знаходзіць у тэсце тыя заданні, з якімі яны могуць справіцца адразу і выканаць іх. У працэсе выканання такіх тэматычных  тэстаў даю школьнікам парады, на якіх заданнях можна сэканоміць час і перайсці да больш складаных. Асноўную колькасць тэставых заданняў адпрацоўваю з вучнямі пры правядзенні факультатыўных заняткаў. Вучу школьнікаў дакладна прымяняць вывучаныя на ўроках і падчас паўтарэння і сістэматызацыі правілы, умець арыентавацца ў азначэннях, класіфікацыях і г.д. Бачу сваю задачу як настаўніка ў тым, каб на гэтым этапе дапамагаць вучням  даводзіць пэўныя практычныя ўменні да аўтаматызму. Тым больш, што такі падыход да арганізацыі работы з тэматычнымі тэстамі прадыктаваны і асаблівасцямі распрацоўкі тэставых заданняў для ўступных выпрабаванняў.  І частка А, і частка В тэста па беларускай мове правярае веды вучняў па ўсіх раздзелах. Аднак, калі ў частцы А правяраюцца толькі практычныя ўменні і навыкі, то ў частцы В правяраюцца і тэарэтычныя веды.

Напрыклад:

Заданне часткі А

Адзначце  словы з падоўжаным [ж ]: 1. без жартаў; 2) прыезджы; 3) разжыцца; 4) дажджынка; 5) падарожжа  [ 1, с.72].

Заданне часткі В

Замяніце сінтаксічную канструкцыю музей, які аднавілі, словазлучэннем дзеепрыметнік+назоўнік. Словазлучэнне запішыце [ 1, с.39].

Нядрэнны вынік адсочвання паказчыкаў навучання кожнага выпускніка даюць дыягнастычныя карты вучэбных дасягненняў  вучняў, якія я вяду на працягу двух гадоў. Гэты працазатратны працэс больш эфектыўны, калі самі вучні асэнсавана прагназуюць  вынікі свайго навучання. Вызначыўшы рэальныя прабелы па выніках чарговай тэставай дыягностыкі, я ўношу карэктывы ў каляндарна-тэматычнае планаванне факультатыўных і стымулюючых заняткаў, арганізоўваю заняткі рознаўзроўневага абагульняючага паўтарэння.

Пачынаючы з 11 класа, я знаёмлю вучняў са структурай тэста цэнтралізаванага тэсціравання, часавымі рамкамі, нормамі ацэнкі тэставай работы, умовамі правядзення ўступнага экзамену ў форме тэста і пачынаю вучыць “тэхніцы выканання тэста”:

-         вучу строгаму самакантролю часу падчас працы над тэстам;

-         фармірую ўменне вызначаць ступень цяжкасці заданняў;

-         знаёмлю з прыёмам “ спіральнага руху па тэсце”.

Адным з прынцыпаў пабудовы метадычнай падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання лічыцца прынцып жорсткага абмежавання часу пры выкананні тэставых заданняў. Лічу, што тут таксама патрэбны індывідуальны падыход у залежнасці ад таго, якую планку паставіў для сябе выпускнік, з улікам апераджальнай мэты. Вызначыўшы для сябе аб’ём заданняў, якія ён напэўна можа выканаць, вучань будзе мець магчымасць прысвяціць падрыхтоўцы да іх больш часу, а гэта павялічвае яго патэнцыяльны вынік. Калі вучань матываваны толькі на пераадольванне экзаменацыйнага парогу ( такія вучні ёсць, яны мэтанакіравана выбіраюць платную форму навучання ў ВНУ), то не патрэбна ствараць напружанне, працаваць у хуткасным рэжыме, а лепш спакойна і ўважліва выконваць заданні і ажыццяўляць самакантроль і самаправерку. Да жорсткага самакантролю часу неабходна прывучаць толькі тых вучняў, якія падрыхтаваны да выканання заданняў часткі В.

Гавару вучням, што, каб паспяхова выканаць тэст, неабходна затрачваць не больш трох хвілін на кожнае з 10-12 першых заданняў. Кожныя заняткі мы адпрацоўваем тэсты на хуткасць: напрыклад, за 12 хвілін неабходна выканаць 4-5 заданняў тэста. Пры гэтым даю тэматычныя тэсты, якія на дадзены момант  могуць выканаць вучні. Абавязкова адзначаю колькасць вучняў, якія справіліся з заданнем у рамках адведзенага часу,  адразу аналізую сітуацыю і даю парады па больш рацыянальнаму выкананню пэўных заданняў. Як я вучу вызначаць цяжкасць заданняў? Спачатку прашу вучняў прагледзець тэст ад пачатку да канца і вызначыць тыя заданні, якія здаюцца ім зразумелымі і няцяжкімі, і выканаць іх у “ рэжыме хуткасці”. Пасля прыступіць да заданняў, якія зразумелыя па фармуліроўцы, але патрабуюць большага часу, і выканаць іх. І толькі пасля гэтага, калі застанецца час, можна прыступаць да астатніх заданняў.

Паступова прывучаю вучняў да метаду “ пільнага погляду” – уважліва сачы за тым, каб не спыняцца на адным заданні доўга, так як ты абмежаваны ў часе. Асобую ўвагу  прашу засяродзіць на тым, наколькі ўважліва яны прачыталі  фармуліроўку задання і зразумелі яе. Падчас навучання на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі  вучні прывыкаюць да традыцыйна сфармуляваных заданняў у межах тэматычных тэстаў тыпу Адзначце словы, у якіх на месцы пропуску патрэбна пісаць літару а”, Адзначце правільна напісаныя словы, Адзначце словы, якія маюць канчатак і т.п. і могуць адчуваць цяжкасці, калі заданне сфармулявана нетрадыцыйна. Напрыклад, патрабую ад вучняў удумлівага чытання і пры неабходнасці перачытвання заданняў тыпу “ Адзначце дзеясловы, якія ў форме 2-й асобы адзіночнага ліку цяперашняга ці будучага простага часу маюць канчатак – еш (эш)” або “ Адзначце словы, якія ў сваім саставе маюць формаўтваральны суфікс”, або “ Адзначце прыклады, пасля якіх правільна пададзена ў дужках пачатковая форма выдзеленага прыметніка”.

Выконваючы тэст, вучні ведаюць, што складанасць заданняў нарастае, таму заўсёды раю настойліва і добрасумленна адпрацоўваць кожнае заданне, толькі потым можна прыступаць да наступнага – гэта і ёсць прынцып “ спіральнага руху па тэсце”. Прычым, калі па выніках дасягненняў у працэсе нашай сумеснай працы ўжо вызначаюцца высокаматываваныя вучні, якім пад сілу выканаць тэст у поўным аб’ёме, я раю ім пачаць выкананне тэста з заданняў тыпу В.

У час правядзення ўрокаў і факультатыўных заняткаў у 10-11 класах я жорстка эканомлю час на тэорыі з мэтай выкарыстання яго для практыкі. Апошнія гады для факультатыўных заняткаў па  падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання выбіраю  вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў  для X  і  ХІ класаў агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання “ Практыкум па арфаграфіі беларускай мовы “ і “Практыкум па пунктуацыі беларускай мовы “   за аўтарствам Г. М. Валочка, В. У. Зелянко. Паколькі мэта названых вучэбных праграм  заключаецца ў павышэнні арфаграфічнай пісьменнасці і адпрацоўцы пунктуацыйных навыкаў вучняў, то гэта супадае з маімі агульнымі задачамі па падрыхтоўцы  вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання. Вучні маюць магчымасць паўтарыць тэарэтычны матэрыял па пэўнай тэме па падручніках ( у рамках падрыхтоўкі да ўрока) і па дапаможніках для вучняў ( у рамках падрыхтоўкі да факультатыўных заняткаў). Адразу пасля паўтарэння  вучнямі тэорыі я паказваю разнастайныя тэставыя заданні з груп А і В па гэтай тэме, выкарыстоўваючы зборнікі з матэрыяламі цэнтралізаванага тэсціравання розных гадоў.

З мэтай дасягнення добрых вынікаў на ўроках  стараюся выкарыстоўваць разнастайныя формы работы: франтальныя, групавыя, індывідуальныя. У адпаведнасці з абранай формай у дапамогу вучням прапаноўваю табліцы, схемы, алгарытмы выканання тэставых заданняў.  З мэтай аператыўнага кантролю засваення пэўнага тэарэтычнага матэрыялу і прымянення ведаў пры выкананні тэматычных тэстаў часта выконваем і аналізуем мікра-тэсты. Мэту такой працы бачу ў выяўленні тых вучняў, якія не зусім разумеюць матэрыял па тэме. Пры арганізацыі працы ў групах, частка вучняў атрымлівае заданні, накіраваныя на дасягненне абавязковых вынікаў навучання, некаторыя маюць перад сабой узор выканання задання, а іншыя – толькі алгарытм выканання, больш моцныя вучні атрымліваюць заданні павышанага ўзроўню. На такім уроку мая праца засяроджана на больш слабых вучнях, таму што ў моцнай групе, як правіла, заўсёды калектыўнымі намаганнямі выконваюць заданне, якое выклікае цяжкасць, самастойна прымяняючы веды і прыёмы дзейнасці ў новай сітуацыі.

Навучанне алгарытму дае магчымасць абавязковага ўзроўню навучання найбольш слабым вучням. Галоўнае, што з часам школьнікі перастаюць баяцца,  смялей задаюць пытанні, спраўляюцца з больш простымі заданнямі. Абстаноўка на занятках добразычлівая, спакойная.

На стымулючых занятках я праводжу індывідуальную работу з кожным вучням па карэкцыі прабелаў у ведах. На такіх занятках выкарыстоўваю не толькі тэсты зборнікаў мінулых гадоў, але і тэсты ў рэжыме on-line, а таксама гатовыя рэсурсы медыятэкі.

3. Заключэнне

У выніку такой сістэмнай працы па падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове пры завяршэнні  навучання на трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў вучняў будуць сфарміраваны неабходныя тэарэтычныя веды:

-         фанетычнай сістэмы беларускай мовы;

-         марфемнага складу слова і асноўных спосабаў словаўтварэння;

-         лексічнага і фразеалагічнага складу беларускай мовы;

-         марфалогіі і сінтаксісу;

-         стылістычных рэсурсаў і вобразна-выяўленчых сродкаў мовы.

Акрамя таго, будуць сфарміраваны наступныя  практычныя ўменні і навыкі:

-         вызначаць арфаграму ў слове па яе прыкметах;

-         знаходзіць і выпраўляць арфаграфічныя і пунктуацыйныя памылкі;

-         знаходзіць у сказе сэнсавыя часткі, якія патрабуюць выдзялення знакамі прыпынку;

-         правільна ставіць націск у слове і знаходзіць выпадкі памылковай пастаноўкі націску;

-         бачыць парушэнні лексічных і граматычных норм;

-         вызначаць стылістычную прыналежнасць тэкстаў;

-         вызначаць віды сувязі ў сказах і словазлучэннях;

-         вызначаць сродкі сувязі паміж сказамі ў тэксце;

-         вызначаць, у якім значэнні ўжываецца мнагазначнае слова ў пэўным кантэкце;

-         вызначаць слова, ужытае ў пераносным значэнні;

-         разбіраць слова па марфемах і з пункту гледжання словаўтварэння;

-         аналізаваць тэкст з пункту гледжання тэматычнага, кампазіцыйнага і стылістычнага адзінства.

Пры гэтым удасканальваюцца навыкі лагічнага мыслення, адпрацоўваюцца сэнсавыя лагічныя сувязі, выпрацоўваецца самастойнасць у сістэматызацыі ведаў, павышаецца якасць атрыманых уменняў і навыкаў.

Галоўны вынік такой працы – добрыя паказчыкі пры здачы    цэнтралізаванага тэсціравання.

Вынікі цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове за 2008-2013 гады.

Навучальны

год

Максімальны

бал

Мінімальны

бал

Сярэдні бал

Па вобласці

Па школе

2007/2008

78

15

28,9

43,1

2010/2011

75

12

29,7

32,5

2012/2013

63

20

30,8

33,4

Нягледзячы на тое, што вынікі нашай сумеснай з вучнямі працы станоўчыя, хацелася б  падрыхтаваць вучняў з больш высокімі баламі.

Варта адзначыць, што на працягу апошніх гадоў мае вучні, якія маглі б дасягнуць самых высокіх балаў падчас здачы цэнтралізаванага тэсціравання, бяруць паспяховы удзел у  рэспубліканскім алімпіядным руху.

Вынікі ўдзелу вучняў у рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры за перыяд 2010-2013 гадоў.

2010/2011

навучальны год

2011/2012

навучальны год

2012/2013

навучальны год

2 этап

3 этап

2 этап


3 этап


2 этап

3 этап

Дыплом другой ступені

-

Дыплом другой ступені

Дыплом першай ступені

Дыплом першай ступені

Дыплом першай ступені

Лічу гэты паказчык сваёй працы даволі паспяховым, тым больш што названыя дыпломы даюць магчымасць маім выпускнікам атрымаць максімальны бал па беларускай мове пры залічэнні ў вышэйшую навучальную ўстанову.

Прымяненне дадзенага вопыту працы  магчыма пры падрыхтоўцы вучняў да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове ў любой навучальнай установе агульнай сярэдняй адукацыі.

Літаратура

  1. Цэнтралізаванае тэсціраванне. Беларуская мова: поўны зборнік тэстаў / Рэспубліканскі ін-т кантролю ведаў М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь. – Мінск: Аверсэв, 2012. – 224 с. – ( Школьнікам, абітурыентам, навучэнцам).
  2. Цэнтралізаванае тэсціраванне. Беларуская мова:  зборнік тэстаў / Рэспубліканскі ін-т кантролю ведаў М-ва адукацыі Рэсп. Беларусь. – Мінск: Аверсэв, 2012. – 47 с. – ( Школьнікам, абітурыентам, навучэнцам).
  3. Дзіндзікава Т.П. , Герасімава А.І. Сістэма падрыхтоўкі да экзамену ў форме тэставага кантролю / Т.П. Дзіндзікава //Народная асвета. -  2011. № 4.
  4. Малажай, Г. М. Беларуская мова: дапаможнік для падрыхтоўкі да абавязковага цэнтралізаванага тэсціравання / Г. М. Малажай. - Мінск: Аверсэв, 2004. – 386 с.
  5. Цэнтралізаванае тэсціраванне. Беларуская мова : аналіз памылак. Аналіз памылак ЦТ 2011 года. Каментарыі да адказаў. Методыка разліку тэставага бала. Трэніровачныя заданні. — Мінск : Аверсэв, 2012. – 165 с.






Дадатак 1

План-канспект урока беларускай мовы ў 10 класе

Тэма ўрока   Назоўнік: агульнае значэнне, марфалагічныя прыметы, сінтаксічная роля

Мэты ўрока: садзейнічаць сістэматызацыі і паглыбленню ведаў вучняў пра назоўнік як часціну мовы; удасканальваць уменне знаходзіць у тэкстах назоўнікі, вызначаць іх марфалагічныя прыметы і сінтаксічную ролю, правільна ўжываць назоўнікі ў маўленні, рабіць іх марфемны і марфалагічны разбор; удасканальваць арфаграфічныя і пунктуацыйныя ўменні вучняў; стварыць умовы для развіцця камунікацыйнай культуры і творчых здольнасцяў вучняў; спрыяць выхаванню ў вучняў духоўнасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі і ўпэўненасці ў сваіх сілах.

Ход урока

  1. Эмацыянальнае ўключэнне вучняў.

Заданне 1. Работа з тэкстам ( тэкст на парце ў кожнага вучня).

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. Растлумачце лексічнае значэнне падкрэсленых слоў.

Крыніца

У старажытнасці, калі нашы продкі яшчэ не ўмелі капаць калодзежаў,      чыстую ваду яны бралі з крыніц. Гэта было святое месца. Сляды язычніцкіх капішчаў знаходзяць сёння якраз каля крыніц, жывых ці даўно перасохлых.

Крынічная вада лічылася карыснай, гаючай, жыватворнай. У вусна-паэтычнай народнай творчасці такая вада ажыўляла, вылечвала асілкаў, змагароў за народнае шчасце, давала ім цудадзейную сілу. Крыніца – гэта і своеасаблівы сімвал духоўнасці, яднання з роднай зямлёй.

Настаўнік.

Беларускі народ мае багатую духоўную спадчыну, старажытныя традыцыі,  звычаі, вераванні. Я спадзяюся, што сённяшні ўрок будзе спрыяць вашаму духоўнаму сталенню.

  1. Паведамленне тэмы і  мэты  ўрока.
  2. Праверка дамашняга задання.

Настаўнік. Дома вам было неабходна паўтарыць звесткі аб марфалагічных катэгорыях назоўніка. Я прапаную вам праверыць свае веды з дапамогай тэста.

Тэст

А1. Якія з напісаных слоў з’яўляюцца назоўнікамі?

1) весяліцца; 2) вясёлы; 3) весялосць; 4) вясёлка; 5) весяліўшы.

А 2.  Адзначце абстрактныя назоўнікі.

1)    мысленне;  2) хараство; 3) дабрабыт; 4) паводка; 5) сасна.

А 3.  Адзначце назоўнікі жаночага роду.

1) роспач;  2) сабака; 3) глыб; 4) мазоль; 5) трэль.

А4.  Адзначце назоўнікі 1-га скланення:

1) столь; 2) рыба; 3) Ілья; 4) доля; 5) суддзя;

А 5. Устанавіце адпаведнасць паміж выдзеленымі назоўнікамі і членамі сказа.

1) Сыны ўзялі калаўрот з вялізным драўляным колам. 2) Тую вяроўку дзядзька Міканор прыдбаў дзесьці ў Мазыры. 3) Вяроўку дзядзька называў канатам. 4) Гэта раззлавала дзядзьку Міканора. 5) На коле накручана даўжэзная тоўстая вяроўка.

а) Дзейнік (ці частка); б) Выказнік (ці частка); в) Азначэнне; г)Дапаўненне;

д) Прыдатак.

Ключ да тэста ( запісаны на адваротным баку дошкі)

А 1.3,4; А 2. 1,2,3; А3. 4,5; А 4.2,4; А 5.1-в, 2- д, 3 –б, 4—г, 5- а.

  1. Выкананне трэніровачных практыкаванняў.

Заданні ў групах

I група

Пачытайце прыказкі, растлумачце іх сэнс. Спішыце, абазначце скланенне назоўнікаў. Падкрэсліце назоўнікі з супрацьлеглым значэннем. Назавіце маўленчую сітуацыю, у якой можна выкарыстаць гэтыя прыказкі.

1.    Горкая праўда лепш за салодкую хлусню.

2.    На чужым горы шчасця не пабудуеш.

3.    Які пачатак, такі і канец.

4.    Што вывучыў у маладосці, таго не забудзеш у старасці.

5.    Мір будуе, а вайна разбурае.

II група

Спішыце тэкст, устаўце прапушчаныя літары. Вызначце асноўную думку тэксту. Абазначце назоўнікі, выдзеліце іх склонавыя канчаткі. Зрабіце сінтаксічны разбор першага сказа. Якую сінтаксічную ролю выконваюць назоўнікі?

Р..днае слова – гэта першая кр..ніца, праз якую мы пазнаём ж..ццё і акаляючы нас свет. Пагэтаму вам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы б..ларускай літаратуры. І перш за ўсё тр..ба ведаць свой народ, яго гісторыю, яго багатую вусную творчасць.

Якуб Колас

III  група

Распазнайце адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі. Адушаўлёныя падкрэсліце адной рыскай, а неадушаўлёныя – дзвюма.

Зіма, студэнт, зубр, бяроза, маці, селянін, народ, слова, брат, мова, лёд, бацька, натоўп, качаня, вучань, настаўнік, подзвіг.

IV група

Да назоўнікаў з рускай мовы падбярыце беларускія адпаведнікі. Вызначце іх род у абедзвюх мовах (пры неабходнасці карыстайцеся руска-беларускім слоўнікам). Складзіце словазлучэнні.

Полынь, боль, инженер, яблоко, тень, шинель, гусь, пыль, собака, запись, степь, медаль, тополь.

  1. Фізкультхвілінка.
  2. Выніковы тэст

1 варыянт

А 1. Вызначце правільна ўтвораныя словазлучэнні

1. Сінія чарнілы; 2. Гагатлівая гусь; 3. Стары камод; 4. Смачны селядзец; 5. Пабіты сабака

А 2. Вызначце памылковыя варыянты напісання

1. Убачыць на нашым старасце; 2. Аддзячыць роднаму дзядулі; 3. Аб справядлівым суддзі; 4. Здарылася пры настаўніку; 5. Беглі за дзядзькай і бацькай.

А 3. Адзначце нумары радоў, дзе ўсе назоўнікі з правільна напісанымі         канчаткамі:

1. Клопату, адчаю, плачу, квадрату, тэкста;

2. Жалю, тэлевізара, электрода, транспартыра, снегападу;

3.Часнаку, грыпу, баршчу, пілатажу, маркера;

4. Мантажу, мармуру, адраса, абанента, вугляроду;

5.Хлеба, ячмяню, лазняку, мільярда, спектакля.

В 1    Выпраўце памылкі:

а) не было снега;

б) на поле не было;

в) зазвінелі на небе;

г) на ўскрайку леса;

д) веснавы моц.

В 2 Перакладзіце словазлучэнні  на беларускую мову:

1. Древние рукописи, 2. Четыре весёлых воробья, 3. В семи метрах от меня, 4.Ванина мозоль, 5. Тётино занятие

2 варыянт

А 1. Вызначце правільна ўтвораныя словазлучэнні

1. Свежыя чарніцы; 2. Ваеннае аташэ; 3. Крыклівы какаду; 4. Паселі на каменнях; 5. Пранізлівы боль.

А 2. Вызначце памылковыя варыянты напісання

1. Разважаць аб нашай выдатніцы; 2. Зроблена няўмекай Толем; 3. Не даваць спакою такому п’яніцы; 4. Здарылася пры старасце Вользе; 5. Сябравалі з дзядулем.

А 3. Адзначце нумары радоў, дзе ўсе назоўнікі з правільна напісанымі канчаткамі:

1. Керасіна, гароху, занятка, ромбу, алфавіта;

2. Аўсу, тэлефона, гузіка, аўтапарку, садка;

3.Ляска, смеху, холаду, берага, горада;

4. Авантурызму, крадзяжу, гармоніка, абанемента, вуглю;

5.Баравіка, лесу, брому, суфікса, часопіса;

В 1 Выпраўце памылкі:

а) дом у пяць этажэй;

б) некалькі разоў у тыдзень;

в) падобны на бацьку;

г) хварэць грыпам;

д) дараваць сябра.

В 2 Перакладзіце словазлучэнні  на беларускую мову.

1. Вкусная клубника, 2. Четверо мужественных друзей, 3. Боязливый лосёнок, 4.Бабушкины очки, 5. Ксюшина шаль

Ключы да тэста:

Варыянт 1

А 1. 2,4,5; А.2 1,2,5; А 3 2,3,4,5; В 1. Не было снегу; на полі не было; зазвінелі ў небе; на ўскрайку лесу; веснавы моц; В 2. Старажытныя рукапісы, чатыры вясёлыя вераб’і, за сем метраў ад мяне, Ванеў мазоль, цётчын занятак.

Варыянт 2 А 1. 1,3,5; А 2. 2,3; А 3. 3,4,5; В 1. Дом на пяць паверхаў; некалькі разоў на тыдзень; падобны да бацькі;хварэць на грып; дараваць сябру; В 2. Смачныя клубніцы, чацвёра мужных сяброў, палахлівае ласяня, бабуліны акуляры, Ксюшын шаль.

7. Выстаўленне і каменціраванне адзнак.

8. Дамашняе заданне:  § 22, практ. 177
























Дадатак 2

План-канспект факультатыўных заняткаў “ Практыкум па арфаграфіі” ў 10 класе

Тэма:  Нарматыўнае ўжыванне склонавых форм назоўнікаў.

Мэта: садзейнічаць замацаванню арфаграфічных навыкаў вучняў ў правапісе назоўнікаў.

Задачы: стварыць умовы для актуалізацыі і сістэматызацыі ведаў вучняў па тэме “ Правапіс назоўнікаў”, замацоўваць уменне правільнага напісання і ўжывання назоўнікаў у маўленні; садзейнічаць выхаванню ў вучняў духоўнасці, актыўнай жыццёвай пазіцыі і ўпэўненасці і сваіх сілах.

Абсталяванне: Валочка Г.М. Беларуская мова 10-11 класы; Практыкум па арфаграфіі і пунктуацыі: дапам. для вучняў агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання/ Г.М.Валочка, В.У.Зелянко, І.Л.Бурак. – Мінск: Аверсэв, 2010;  сшыткі, тэставыя заданні.

Ход заняткаў

  1. Арганізацыйны момант.
  2. Матывацыйны этап.

Настаўнік. Сёння мы з вамі працягваем знаёмства з традыцыямі і звычаямі нашых продкаў, з нашай духоўнай спадчынай.  Як вам ужо вядома, беларуская нацыянальная культура багатая на разнастайныя народныя святы. Адно з такіх святаў адзначаецца  зімовымі днямі. Я прапаную вам урывак з рамана У. Караткевіча “ Каласы пад сярпом тваім”. Прашу вас прачытаць тэкст, ужываючы назоўнікі, запісаныя ў дужках, у патрэбнай склонавай форме.

У кола ўвайшоў бог (холод) Зюзя – пераапрануты пастух Данька, у доўгім белым ( кажух), з ільняной грывай ( валасы) . Зюзя сварыўся з ( людзі ), нагамі ўзвейваў у ( паветра ) снег, нібы зрабіў завіруху.

За ім валасатая несла саламянае чучала Каляды, якое глядзела ў змрок намаляванымі ( вочы ). Хлопцы і дзеўкі кідаліся на варту, каб павярнуць Каляду тварам да ( агонь), і, адкінутыя, ляцелі ў снег. Гулі скрыпкі, пявуча вохкаў бас, пяшчотна сапла жалейка, уздыхаў бубен.

Данька прытупваў нагамі па ( снег ), хапў вісклівых дзяўчат, цалаваў і запіхваў за каўнер кожнай жменю ( снег ).

Але тут моладзь сыпанула на варту, вырвала Каляду з рук і павярнула-такі яе тварам да ( полымя). А дзеўкі кінуліся за ( Данька ), павалілі яго ў снег, пачалі казытаць.

Хлопцы адбілі яго, панеслі разам з ( Каляда) у хату. Каляду трэба было схаваць, каб падчас ( Масленіца), калі зіма павернецца да сонца і адступіць, спаліць яе на тым самым месцы.

Пытанні і заданні да тэксту:

-         Які абрад апісваецца ў тэксце?

-         Якія значэнні мае слова каляда?

-         У якім значэнні гэта слова ўжыта ў прачытаным тэксце?  ( Каляда –язычніцкі бог дастатку і ўраджаю.)

-         Назавіце вядомыя вам імёны багоў, якіх шанавалі славяне ў дахрысціянскі перыяд?

Тэма нашых сённяшнняшніх заняткаў – “ Нарматыўнае ўжыванне склонавых форм назоўнікаў ”. Зыходзячы з тэмы, вызначце задачы нашых заняткаў.

  1. Актуалізацыя ведаў.

Узнавіць веды аб правапісе канчаткаў назоўнікаў вам дапаможа блок-схема, якая знаходзіцца ў кожнага з вам перад вачыма.

  1. Дыягнастычны тэст.

А 1 Адзначце назоўнікі першага скланення.

1)    Важаня; 2) зала; 3) кадрыля; 4) маэстра; 5) салата.

А 2 Адзначце назоўнікі другога скланення.

1) Глуш; 2) вока; 3) медаль;  4) вета; 5) вусень.

А3 Адзначце назоўнікі, якія ў форме меснага склону адзіночнага ліку маюць канчатак -Е.

1) Сям’я; 2) дарога;  3) хвоя; 4) Кацярына; 5) Алеся.

А4  Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку маюць канчатак –а (-я).

1) Літр;  2) сквер; 3) нос;  4) ветрык; 5) мох.

А5 Адзначце назоўнікі, якія ў форме роднага склону адзіночнага ліку маюць канчатак -у(-ю).

1) Экзамен; 2) поплаў; 3) лоб; 4) твар; 5) бераг.

  1. Самаправерка і самаадзнака.

Ключы да тэста ( на дошцы): А 1. 2,3,5; А 2. 2,3,5; А. 3 2,4; А. 4 1,2,3,4; А 5.1,2,4.

  1. Паўторнае асэнсаванне тэарэтычнага матэрыялу (па дапаможніку)
  2. Фізкультхвілінка.
  3. Трэніровачныя практыкаванні ( па варыянтах)

Варыянт 1

Заданне 1: запішыце словазлучэнні, раскрыўшы дужкі:

Сустрэцца на (луг),  выступіць на (мітынг), спяваць аб (подзвіг), пагасціць у (дачка), тлушч у (малако), прыехаць да (цётка), знайсці ў (мука), заўважыць на (бульдог) , пра карысць (часнок), знайсці на (дарожка).

Заданне 2.

Пастаўце назоўнікі ў патрэбным склоне:

Гасцінец для (маці), кабыла з (жарабя), ганарыўся (шчаня), пародзістаму (кацяня),кабета з (дзіця).

Заданне 3. ( агульнае для 1 і 2 варыянтаў)

Прачытайце тэкст, вызначце яго стылёвую прыналежнасць, адказ абгрунтуйце.

Не саромейцеся, беларусы, размаўляць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Беражыце сваю мову, беражыце свае песні, свае казкі, звычаі – гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны здабытак. Толькі тады цябе ўсе будуць паважаць як чалавека, калі будзеш сам сябе паважаць – калі не адмовішся ад свайго нацыянальнага здабытку. А першы нацыянальны здабытак – гэта родная мовы.

Варыянт 2

Заданне 1.

Запішыце словазлучэнні, раскрыўшы дужкі:

З’ехаць з (горка), заўважыць на (чарапаха), кветкі з (луг), убачыць на (картынг), радавацца (адзнака), стаяць на (ганак), хворай (качка), заўважыць на (птушка),звінела ў (вуха),акуні ў (юшка).

Заданне 2.

Пастаўце назоўнікі ў патрэбным склоне:

Стужка на галаве (дзяўчо), убачыцца з (маці), назваць (імя) дзеда, далі імя (племя), кабыла з (жарабя),

  1. Аналіз трэніровачных практыкаванняў.
  2. Выніковы тэст.

А 1. Адзначце ў словазлучэннях назоўнікі, якія ў давальным склоне адзіночнага ліку маюць  канчатак –у(-ю).

  1. падысці к (мужчына)
  2. падарыць свайму (стараста)
  3. аддаць свайму (калега)
  4. не даваць спакою гэтаму (соня)
  5. не дараваць такому (ханжа)

А 2. Адзначце словазлучэнні з граматычнымі памылкамі:

1)Расселіся па стрэхах, 2)балючая мазоль, 3) з гарэзам Жэнем, 4)жалезная дзвер, 5)малады поні.

В 1.  Утварыце словазлучэнні:

1)    Прынеслі ў (вядро) вады, 2)былі ў дзвюх (сястра), 3)некалькі (кніга), 4) шмат (кансервы), 5) купілі 5 (качарга).

В 2. Запішыце словазлучэнні, выправіўшы дзе неабходна памылкі:

1) Прысвяцілі Кузьме, 2) засталіся на начлезе ў млыне, 3)цэннік на тваразе, 4)купаліся ў Сажу, 5)схаваліся ў цені.

В 3 Перакладзіце на беларускую  мову:

1)    Помочь больному гриппом, 2)простить дочери, 3)шутить над неумекой Толей, 4)опоздали из-за снегопада, 5) назначить на половину девятого.

  1. Падвядзенне вынікаў.
  2. Дамашняе заданне. Тэматычныя мікра-тэсты.






 

Министерство

образования республики БеларусьaduДетский

правовой сайтАкадемия

последипломного образованияГомельский городской

исполнительный комитетГомельский

областной институт развития образования